Месяц таму праўладная актывістка, выкрываючы айчынны шоу-бізнес у недастатковай любові да Аляксандра Лукашэнкі, назвала яго нявестку «змагаркай». Яна аператыўна адрэдагавала свае паведамленні, але інфармацыя пра гэта шырока разышлася. Прайшоў месяц, і яна вырашыла публічна прызнаць сваю памылку.
Ганна Сялук (Лукашэнка) — жонка сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрыя. Мяркуючы з рэестру інтэлектуальнай уласнасці, за тры няпоўныя гады нявестка Лукашэнкі стварыла 106 песень, сярод іх «Ах, Александр», «Бульба-дэнс» і гімн Генеральнай пракуратуры.
«Паважаныя суграмадзяне! Калі я пісала, што Ганна Сялук — змагарка, я памылялася, бо гэта няпраўда. Інфармацыю заўсёды трэба правяраць», — напісала Бондарава.
Што падштурхнула праўладную актывістку прызнаць сваю памылку публічна — невядома.
Раней ёй ад імені «супрацоўніка КДБ» патэлефанаваў блогер Андрэй Павук, каб пагаварыць пра нявестку Лукашэнкі, якую тая назвала «змагаркай». Яму яна прызналася, што не ведала пра роднасныя сувязі Ганны Сялук і Аляксандра Лукашэнкі.
«Я не ведала, хто яна такая, пакуль мне пра гэта не ўдакладнілі. <…> Сур’ёзна! Я не ведала! Пра гэта нідзе не пішуць, а я спецыяльна такую інфармацыю не стаўлю сабе мэтай шукаць. Я іншых людзей шукаю, па іншых працую», — адказала прапагандыстка.
Нагадаем, 7 траўня прапагандыстка з Гродна Вольга Бондарава, якая ваюе з беларускай мовай, васількамі, прэзерватывамі на касах, лацінкай і дзіцячымі цацкамі, вырашыла прайсціся па айчынным шоу-бізнесе. Папракаючы яго прадстаўнікоў у недастатковай любові да Аляксандра Лукашэнкі, яна назвала яго нявестку Ганну Сялук «змагаркай».
Летась Вольга Бондарава абвінаваціла начальніка абласной міліцыі Дзмітрыя Разянкова ў паклёпе. Пасля яна некалькі дзён прасіла прабачэння «ва ўсіх, каго незаслужана пакрыўдзіла сваімі словамі», і падкрэслівала, што «не мела намераў дыскрэдытаваць дзяржаўную ўладу ці нейкім чынам пахіснуць асновы дзяржаўнасці».