Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага мэра Брэста і пацікавіўся ў кіраўніка сваёй адміністрацыі, у чым заключаліся недахопы працы папярэдняга старшыні гарвыканкама. Сам Аляксандр Рагачук заявіў, што ідзе ў адстаўку з 28 сакавіка.
Аляксандр Лукашэнка ў панядзелак даў згоду на прызначэнне кіраўніка справамі Брэсцкага аблвыканкама Сяргея Лабадзінскага на пасаду старшыні Брэсцкага гарвыканкама. Былы мэр Брэста Аляксандр Рагачук, паводле кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ігара Сяргеенкі, атрымае новую пасаду.
— Сыходзіць у сувязі з пераходам у далейшым на працу на пасадзе старшыні абласной федэрацыі прафсаюзаў, прапанова ішла ад кіраўніцтва Брэсцкага аблвыканкама з улікам, у тым ліку, працяглага досведу працы, прынятае рашэнне надаць большы імпульс развіццю менавіта… — адказаў кіраўнік адміністрацыі Ігар Сяргеенка на пытанне Лукашэнкі пра тое, чаму сыходзіць Рагачук.
— У чым праблема? Ты там унутры. Працаваў у аблвыканкаме. Ёсць нейкія шурпатасці? Прычыны? — пацікавіўся ў Лабадзінскага Лукашэнка.
— Праца з прадпрыемствамі, таварыш прэзідэнт! — адказаў Лабадзінскі. — Найперш таму, што эканоміка горада можа даваць большы вынік. Гэта, напэўна, асноўная прычына…
— То-бок ёсць пэўная нездаволенасць з боку аблвыканкама працай Рагачука. Ну, так я і кажу. Я ж мушу ведаць хаця б тваю пазіцыю. А вы гэтага не бачыце? — спытаў Лукашэнка ў Сяргеенкі.
— Не, таварыш прэзідэнт, мы таксама гэта бачым, — адказаў той.
— У чым сапраўдная прычына? Вы ж яго ўсе ледзь не прэзідэнтам прапаноўвалі вылучыць у чарговыя выбары, і раптам, — удакладніў Лукашэнка ў кіраўніка сваёй адміністрацыі.
Паводле Сяргеенкі, Рагачук — «досыць актыўны ў грамадска-палітычным плане чалавек».
— Мае сваю пазіцыю, сустракаецца з насельніцтвам, але на нейкім этапе па многіх напрамках развіцця горада пачала сітуацыя прабуксоўваць, і ў большай ступені задачы па кіраванні горадам на сябе бярэ аблвыканкам, — адказаў Сяргеенка.
— Зразумела. Я так разумею, Сяргей Мікалаевіч, вы чалавек перспектыўны і ведаеце ўсе вузкія месцы, недахопы, — звяртаючыся да Лабадзінскага, сказаў Лукашэнка, — і ў Брэсце гэта будзе выпраўлена. У Брэсце я мушу пабываць летам. У крайнім выпадку, восенню дзесьці: верасень, кастрычнік, ва ўборачную кампанію. Нутром адчуваю, нешта там ёсць. Так, мабыць, нягледзячы на ўсе станоўчыя якасці Рагачука ў плане працы з насельніцтвам, мабыць, усё ж такі душа яго не ляжала да матэрыяльнай вытворчасці і прадпрыемстваў. Цалкам магчыма.
Рэакцыя Рагачука
У сваім тэлеграм-канале мэр Брэста Аляксандр Рагачук расказаў пра рашэнне Лукашэнкі.
«З 28 сакавіка я іду ў адстаўку з дзяржаўнай службы. Дзякую ўсім падпісантам за актыўнасць і паведамляю, што застаюся ў інфармацыйным полі — тэлеграм-канал „Аляксандр Рагачук“ працягне сваю працу. Адзінае — з заўтрашняга дня страчвае статус афіцыйнага канала старшыні Брэсцкага гарвыканкама», — дадаў ён.
Аляксандр Рагачук стаў мэрам Брэста ў 2014 годзе.