Новы 2024 год пачаўся для Сяргея Краўчанкі з кепскіх навінаў. Жыхара Рэчыцы, які пасля выбараў-2020, як ён сам падкрэслівае, «вымушана» з’ехаў з Беларусі і цяпер жыве ў Літве, у гэтай краіне прызналі пагрозай нацбяспецы. Прычына — тры гады службы ў МНС. Пра гэта сказана ў дакуменце, які Сяргей атрымаў у Дэпартаменце міграцыі Літвы. З такім рашэннем беларус не згодны і збіраецца ісці ў суд.
У Сяргея Краўчанкі адкрыты збор на BYSOL. Падтрымаць беларуса можна па спасылцы.
«Калі вас пасадзяць, ад вас не будзе ніякага толку»
Чацвер, 1 лютага, для Сяргея Краўчанкі быў важным днём. Яго адвакатка адправіла ў суд скаргу, у якой беларус не згодны з рашэннем Дэпартамента міграцыі Літвы пра тое, што ён — пагроза нацыянальнай бяспецы. Калі будзе паседжанне, мужчына пакуль не ведае. Кажа, абаронца папярэдзіла: працэс могуць прызначыць цягам двух месяцаў.
— Эмацыйна цяпер вельмі складана, — кажа Сяргей, калі мы стэлефаноўваемся з ім у аўторак. — Жывеш, не ведаючы, што цябе чакае.
Побач з мужчынам яго жонка Анастасія. Ім па 28 гадоў. Іх маленькія сын і дачка ў садку. Краўчанкі жывуць у Вільнюсе. У Літву яны «вымушана пераехалі» ў верасні 2020-га, пасля таго як Сяргей запісаў відэазварот. У ім ён звярнуўся да калег з «Беларуснафты», сказаў, што хоча пайсці на страйк, і папрасіў усіх, хто яго ведае, задумацца: «Можа, цяпер час выказаць сваё меркаванне».
— З 2018-га я працаваў на прадпрыемстве «Беларуснафта-Прамсэрвіс», быў электраманцёрам. Пакуль у горадзе праходзілі мірныя пратэсты і збіраліся ланцугі салідарнасці, мы з жонкай на іх выходзілі, — вяртаецца да таго перыяду жыцця Сяргей. — Размаўляючы з калегамі, якія былі ў гневе, разумеў: яны баяцца зрабіць хоць нешта. Спыняюць крэдыты, дзеці. Нашая сям’я стала добрым прыкладам, што можна не баяцца, а дзейнічаць, бо Насця на той момант знаходзілася ў дэкрэце, на руках двое малых — дачцэ год, сыну два.
На відэа Сяргей наважыўся пасля інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, якая стала для электраманцёра «вялікім пляўком у твары беларусаў». Свой ролік ён зняў у абед на працоўным месцы, а ўвечары апублікаваў. Зварот хутка распаўсюдзіўся ў сеціве. На прадпрыемстве тут жа прызначылі сход, дзе планавалі разабраць гэты выпадак, але яшчэ да сустрэчы, паводле мужчыны, з ім звязалася Марыя Мароз, якая кіравала штабам Святланы Ціханоўскай, і прапанавала яго сям'і з’ехаць з краіны.
— Яна сказала: «Сяргей, не думайце, што так проста вас адпусцяць. Небяспека вышэйшая». На яе думку, у відэа я не толькі выказаў пратэст, але і заклікаў людзей да дзеяння, а за гэта можа пагражаць пазбаўленне волі, — перадае тую размову Сяргей. — Яна казала: вы можаце зрабіць як заўгодна, але, калі вас пасадзяць, ад вас не будзе ніякага толку, і вашыя калегі пачнуць яшчэ больш баяцца.
Сяргей з Анастасіяй пагадзіліся на пераезд і неўзабаве выправіліся ў Літву. У Вільнюсе мужчына далучыўся да страйкама, які аб’ядноўваў людзей з розных прадпрыемстваў. Пачаў звязвацца з супрацоўнікамі «Беларуснафты», якія былі актыўна настроеныя. Спрабаваў сабраць іх разам для агульнанацыянальнага страйку.
— На «Беларуснафце» пасля страйку ўсё пачало максімальна згасаць. Дух несправядлівасці на прадпрыемстве быў цалкам згашаны прафсаюзнікамі, — як ёсць кажа суразмоўца. — Дапамог некалькім людзям эвакуявацца з Беларусі, і на гэтым усё скончылася.
«Мы не маглі сабе дазволіць такой раскошы, як не працаваць»
У пачатку 2021-га ў Сяргея і яго сям'і пачалося «звычайнае жыццё». У іх былі гадавыя гуманітарныя візы. Мужчына ўладкаваўся электрыкам. Займаўся электрамантажом у кватэрах, рэстаранах, кавярнях. Яго спецыяльнасць аказалася запатрабаванай у Літве, таму «было максімальна проста атрымаць працоўны ВНЖ». У 2021-м, калі ў Анастасіі з дзецьмі заканчваліся візы, знаёмыя параілі ім афармляць статус бежанцаў.
— Сяргей на яго не падаваўся, бо, пакуль чакаеш рашэння, паўгода не маеш права працаваць. Мы сабе такой раскошы тут дазволіць не маглі, — падключаецца да размовы Анастасія. — Да таго ж працоўны ВНЖ у мужа быў амаль на два гады. Мы палічылі разумным, каб ён заставаўся на гэтым дакуменце.
За час жыцця ў Вільнюсе Сяргей чатыры разы мяняў працу, бо «не ўсе прапануюць добрыя ўмовы». Кожны раз, каб перайсці з адной арганізацыі ў іншую, трэба было звяртацца ў Дэпартамент міграцыі і чакаць ад іх дазволу. Сям'і падказалі, што, калі мужчына зможа атрымаць ВНЖ не па працы, а дзякуючы ўз'яднанню сям'і, у якой у Літве статус бежанца, то чакаць такой адмашкі больш не спатрэбіцца.
— Плюс, калі ён будзе атрымліваць статус бежанца, маючы ВНЖ, можна працаваць, — адзначае Анастасія і кажа, што вырашаць пытанні з новым відам на жыхарства Сяргей узяўся ў сакавіку 2023-га. — Запісацца ў міграцыю было складана: пасля пачатку вайны нагрузка на іх вырасла. Некалькі разоў супрацоўнікі нам далі недакладную інфармацыю, праз што ў нас «зляцеў» запіс, калі муж мог бы падаць дакументы так, каб не нервавацца. Супрацоўніца міграцыі нас супакоіла. Маўляў, калі нават Сяргей падасца ў апошні дзень дзеяння яго віду на жыхарства, нічога страшнага. Як пазней высветлілася, гэта дэзынфармацыя. Дакументы ў яго прынялі за некалькі дзён да канца тэрміну ВНЖ. Пасля чаго сказалі, што яму патрэбная віза чакання. Хоць да гэтага пра яе ніхто нідзе не казаў.
— Нам тлумачылі, што яе дадуць пасля падачы на ВНЖ па ўз'яднанні і па ёй я змагу працаваць. Я баяўся страціць сваё месца, таму абтэлефанаваў усе інстанцыі, звязаныя з працаўладкаваннем, яны пацвердзілі: «Па візе чакання вы можаце без праблем працаваць», — працягвае муж. — У нядзелю, 11 чэрвеня 2023-га, у мяне заканчваўся від на жыхарства. У пятніцу мы змаглі знайсці месца ў міграцыі ў Клайпедзе і падацца на візу чакання. Аказалася, робяць яе столькі ж, колькі і ВНЖ (на афармленне віду на жыхарства мужчына падаваўся ў тэрміновым парадку, адказаць яму мусілі праз 45 дзён. — Заўв. рэд.).
— Самае цікавае, што пасля падачы нам паведамілі: такога паняцця, як віза чакання, больш няма, яе адмянілі, — дадае Анастасія. — Чакалі мы звычайнай візы.
У панядзелак Сяргея звольнілі, бо штамп пра чаканне дакументаў, які яму паставілі ў пашпарт, не даваў права працаваць. Кіраўнік аказаўся «годным чалавекам» і папярэдзіў беларуса, што гатовы пачакаць яго столькі, колькі спатрэбіцца.
«Я нідзе нічога не хаваў пра працу ў МНС»
Як кажа сям’я, пасля падачы дакументаў прайшло крыху больш за 45 дзён, а адказу так і не было. 27 ліпеня 2023-га беларус пайшоў у Дэпартамент міграцыі, каб даведацца, у якім статусе яго дакументы. Яму адказалі: «У статусе разгляду». Калі ўсё вырашыцца, супрацоўнік не ведаў.
— Пасля гэтага я падняўся на другі паверх, там падаюцца на бежанства. Выйшаў інспектар. Я патлумачыў яму сітуацыю і страх застацца без працы. Паказаў штамп пра падачу на візу. Ён сказаў: «Легалізацыі знаходжання гэтая адзнака не дае. Сітуацыя небяспечная». Я пацікавіўся, ці можна тады падацца на бежанства. У іх усё было «забітае», і ён мог прапанаваць мне месца толькі праз тыдзень. Потым ён узяў мой пашпарт для праверкі, сышоў, а вярнуўшыся, паведаміў: «Хоць у нас няма часу, падацца вам трэба цяпер», — і папрасіў пачакаць спецыяліста, які возьме ў мяне інтэрв'ю, — апісвае тое, што адбывалася ў ведамстве, мужчына. — Я яго дачакаўся, мы пагаварылі. Потым мяне папрасілі пачакаць, а дзесьці праз гадзіну зноў паклікалі ў кабінет і абвясцілі, што з 21 ліпеня я — пагроза нацыянальнай бяспецы Літвы.
Паводле Сяргея, падставай стала тое, што ён з 2015 да 2018 года служыў пажарным-выратавальнікам у МНС. Гэтыя звесткі ён падаў у анкеце для атрымання ВНЖ і візы. Яе ён запаўняў упершыню, але, кажа, у міграцыі яму і раней задавалі вусныя пытанні пра тое, ці быў ён звязаны з сілавымі структурамі.
— Я нідзе нічога не хаваў пра працу ў МНС, і гэта не лічылі небяспечным, — кажа мужчына і расказвае пра службу ў ведамстве. — Я тушыў пажары, даставаў людзей пасля ДТЗ. Доступу да сакрэтнай інфармацыі не меў. На службе змагаўся з несправядлівасцю і праз рознагалоссі з кіраўніцтвам звольніўся. Мяне, напрыклад, абурала, што нам нельга ездзіць па краіне без дазволу кіраўніцтва, атрымліваць вышэйшую адукацыю ў цывільных ВНУ. Ды і стаўленне да падначаленых у той момант рэзка пагоршылася.
Нягледзячы на навіну пра пагрозу нацбяспецы, дакументы на бежанства ў беларуса прынялі. Папярэдзілі, што іх разгледзяць у паскораным парадку. А самога яго затрымалі на 48 гадзін.
З Дэпартамента міграцыі Сяргея, як ён зразумеў, забралі памежнікі. Яны звазілі яго дадому па рэчы і дакументы, а потым даставілі на заставу на мяжы з Беларуссю. Крыху пазней яго адсюль забралі ў лагер для бежанцаў у горадзе Пабрадэ. На наступны дзень у мужчыны быў суд. Сустрэча праходзіла анлайн. На ёй былі суддзя, перакладчык і абаронца, якога беларусу знайшла жонка.
— Адвакатка спытала, чаму мяне затрымалі. Суддзя патлумачыў: бо я магу быць пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы. Абаронца прапанавала змяніць мне меру стрымання і адпусціць да сям'і, — вяртаецца да тых падзей суразмоўца. — Суд пагадзіўся. Мяне вызвалілі, але раз на тыдзень я мусіў тэлефанаваць інспектару, які вядзе маю справу, і казаць, што я на месцы.
З лагера бежанцаў да Вільнюса можна дабрацца на маршрутцы і аўтобусе, адлегласць — каля 45 кіламетраў. Супрацоўнікі падказалі Сяргею, дзе знаходзіцца прыпынак. Праўда, у транспарце прымалі толькі гатоўку. Дзе яе зняць, Сяргей не знайшоў, таму пайшоў дадому пешшу. Пераадолеў прыкладна палову дарогі, пакуль не сустрэў сяброў, якія ехалі па яго на машыне.
«Пасля звальнення з МНС ён выступаў супраць гэтай улады»
Справа Сяргея пра атрыманне статусу бежанства расцягнулася на паўгода. Увесь гэты час яму нельга было працаваць. У кастрычніку яго выклікалі на апытанне. Інспектар, які займаецца яго сітуацыяй, цікавіўся службай у МНС, працай на «Беларуснафта-Прамсэрвіс». 17 студзеня 2024-га на апытанне паклікалі Анастасію.

— Пыталі тое, што і раней. Напрыклад, на якой машыне з’язджалі з аднаго месца ў іншае. Што рабілі ў жніўні 2020-га? Як перасякалі мяжу? Хто нам дапамагаў у Літве? — пералічвае пытанні Анастасія. — Мабыць, хацелі знайсці нейкія неадпаведнасці з папярэднімі адказамі. Тады ж мне сказалі, што імавернасць у адмове Сяргею па бежанстве вялікая. 24 студзеня нам паведамілі: «Рашэнне прынятае», — і папрасілі прыйсці ў міграцыю.
— На паседжанні зачыталі, што я маю права на атрыманне бежанства па шэрагу пунктаў. Першае: я актыўна ўдзельнічаў у акцыях супраць рэжыму. Другое: я чалавек, якога ў Беларусі будуць пераследаваць. Трэцяе: мяне могуць падвергнуць катаванням і турэмнаму зняволенню, — кажа Сяргей. — Аднак праз працу ў МНС я прызнаны пагрозай нацыянальнай бяспецы, бо мушу лаяльны да ўлады. Выходзіць, яны заблыталіся ў сваіх паказаннях.
— Мне здаецца, яны падалі два супрацьлеглыя аргументы, — устаўляе рэмарку жонка. — Пасля звальнення з МНС ён выступаў супраць гэтай улады.
— Далей яны паведамілі: у сувязі з тым, што ў Беларусі няма ніякага рэгіёна, дзе б мне было бяспечна, мне вырашылі даць гуманітарны ВНЖ на год, — працягвае Сяргей, адзначаючы, што з часткай рашэння ён не згодны і прызнанне яго пагрозай будзе абскарджваць. — Калі гэтага не зрабіць, ты аўтаматычна згаджаешся, што ты пагроза нацбяспецы. І наступным разам, калі будзеш рабіць дакументы, у іх з’явяцца ўсе падставы адмовіць.
Чым скончыцца гэтая гісторыя, сям’я пакуль не ўяўляе. Тэрмін альтэрнатыўнага арышту Сяргея падоўжаны. Ён мусіць раз на тыдзень тэлефанаваць інспектару. У найбліжэйшых планах — падацца на гуманітарны ВНЖ, каб усё ж вярнуцца да працы, аплачваць рахункі і адваката.
— З чэрвеня я без працы, — кажа Сяргей. — Спачатку жылі на зберажэнні, якія змаглі адкласці за 2,5 года ў Літве. Яны паляцелі ў першыя месяцы. Потым фінансава пачалі дапамагаць блізкія і знаёмыя, у якіх пазычаем. І яно як ком наварочваецца. І ты чакаеш, пакуль з’явіцца магчымасць кудысьці ўладкавацца, каб пачаць вяртаць.
— Мне здаецца, у такой крайнасці мы аказаліся праз міграцыю. У мяне няма такой спецыяльнасці, якая б дазваляла мець у Літве нармальны ўзровень даходу і ўтрымліваць сям’ю. Адразу па прыездзе я нейкі час займалася фатаграфіяй, а цяпер раблю мілыя рэчы для дома з гліны і эпаксіднай смалы, — працягвае Анастасія. — Вельмі складана, што мы вымушаныя былі пакінуць Беларусь. У Літве адразу ўсё было ў парадку, але пасля лютага 2022-га пачаліся рэзкія перамены што да беларусаў. Хоць [у 2020-м] мы падвяргалі сябе небяспецы. Мы змянілі жыццё, хаваем блізкіх, не маючы магчымасці прысутнічаць на пахаванні. І яшчэ сутыкаемся з тым, што мы нейкая пагроза. Хоць мы прывялі шмат доказаў таго, што супрацьстаялі таму рэжыму настолькі, наколькі тады маглі.
Чытайце таксама