Беларускага журналіста Андрэя Мялешку без тлумачэння прычын не пусцілі ў Грузію, дзе ён з сям’ёй пражыў тры гады, і змушаюць вярнуцца ў Польшчу, адкуль ён прыляцеў разам з дачкой. Пра гэта ён расказаў у Facebook.
Андрэй Мялешка нядаўна на кароткі час лётаў у Польшчу разам з няпоўнагадовай Аляксандрай. Аднак па вяртанні ў Грузію 16 верасня ім не дазволілі заехаць у краіну.
«Нас адпраўляюць назад у Польшчу без тлумачэння прычын. Забралі пашпарты, і сядзім у дзіўным пакоі Кутаіскага аэрапорта…» — напісаў журналіст раніцай 16 верасня.
Ён расказаў, што ў яго і дачкі забралі дакументы і замкнулі ў памяшканні для дэпартаваных Кутаіскага аэрапорта. Праз адсутнасць дакументаў у іх няма магчымасці падацца на міжнародную абарону.
У выдадзеных журналісту паперах у графе пра забарону на ўезд у Грузію пазначана «іншыя прычыны». Іншых тлумачэнняў не прыводзіцца.
Са словаў Мялешкі, яго хочуць адправіць назад у Польшчу рэйсам у 15.40 паводле мясцовага часу 16 верасня.
Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, дачку-падлетка Аляксандру, з якой Мялешка лётаў за мяжу, таксама дэпартуюць з Грузіі. Дзяўчынку не аддалі маці, якая прыехала па яе ў аэрапорт Кутаісі з Батумі.
Андрэй Мялешка апошнія тры гады пражыў з сям’ёй у Грузіі, дзе адкрыў краму беларускай сімволікі.
Сітуацыю пракаментаваў кіраўнік Фонду салідарнасці BYSOL Андрэй Стрыжак.
«Беларускі грамадскі актывіст Андрэй Мялешка проста зараз чакае дэпартацыі ў аэрапорце Кутаісі, куды прыляцеў з Польшчы. Андрэй сталы час жыў у Сакартвэла да гэтага дня, але ж грузінскія ўлады вырашылі, што больш не хочуць яго бачыць.
Не першы і не апошні такі выпадак паводзінаў грузінскіх уладаў вымушае мне нагадаць беларусам Сакартвэла пра тое, што лепш спакойна падрыхтавацца да пераезду ў краіну з больш лаяльным стаўленнем уладаў да беларусаў.
Фактычна сітуацыя выбару такая: спакойнае планаванне пераезду і легалізацыі або прымусовая дэпартацыя, дзе вы нічым не кіруеце», — напісаў ён.
Нагадаем, нядаўна Грузія адмовіла ў міжнароднай абароне беларускаму праваабаронцу Раману Кісляку на той падставе, што яго знаходжанне там можа «супярэчыць інтарэсам краіны».