Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Новы прэм'ер заявіў, што бачыць для Беларусі «чорных лебедзяў». Расказваем, якія праблемы ў эканоміцы могуць «ірвануць»
  2. «Парень приходит в поликлинику за выпиской, а там чуть другой диагноз». Юристы рассказали «Зеркалу» об особенностях весеннего призыва
  3. У Беларусі затрымалі расійскага коміка Астаніна, на якога данеслі за жарт
  4. «Кремль меняет последовательность переговоров». Эксперты о том, как Путин фактически заставил Трампа пойти на упреждающие уступки
  5. Турчын: Эканоміка Беларусі мусіць быць гатовая да «чорных лебедзяў»
  6. «Вядзецца актыўная падрыхтоўка». Даведаліся, калі суседнія краіны ЕС плануюць пускаць беларусаў па новых правілах
  7. У Дзяржынску 16-гадовая дзяўчына памерла пасля выкарыстання вейпа
  8. Барацьба міліцыі з «утрыманцамі», відаць, выходзіць на новы ўзровень: тым, хто не прыйдзе ў «дармаедскую» камісію, пагражаюць штрафам ці арыштам
  9. Рэкорд па даляры, якога ніхто не чакаў: прагноз па валютах
  10. Трамп и Путин завершили телефонный разговор
  11. «Галадала дні тры». Што вядома пра дзяўчыну, якая памерла пасля курэння вейпа
  12. Лукашенко подписал указ о страховании. Что изменится?
  13. У Латвіі хочуць часткова закрыць пункт пропуску «Патэрніекі» — «Грыгароўшчына». У чым прычына
  14. Пайшоў з жыцця 32-гадовы Максім Чарняўскі — заснавальнік суполкі «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» пачатку 2010-х
  15. Усё сумна. Атрымалі свежую непублічную статыстыку Мінздароўя пра нараджальнасць беларусаў
Читать по-русски


У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што УСУ працягвалі «беспаспяховыя спробы наступальных дзеянняў» на Паўднёва-Данецкім, Запарожскім, Данецкім і Чырвона-Ліманскім напрамках. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што расійскія войскі на Запарожскім напрамку спрабавалі адбіць Пяціхаткі, але беспаспяхова. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны паразважалі пра прычыны запавольвання тэмпаў наступу УСУ.

Фото: facebook/GeneralStaff.ua
Фота: facebook/GeneralStaff.ua

Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 484-ы дзень вайны ва Украіне.

Генштаб УСУ: Знішчаны расійскі ўдарны верталёт Мі-24

За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі ракетны і 44 авіяцыйныя ўдары па тэрыторыі Украіны і правялі 47 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.

— Асноўныя намаганні праціўнік засяродзіў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках: тут ідуць цяжкія баі, за суткі адбылося больш за 40 баявых сутыкненняў.

— На Северскім і Слабажанскім напрамках войскі РФ нанеслі авіяўдары па трох населеных пунктах Чарнігаўскай і Сумскай абласцей. З мінамётаў і артылерыі абстралялі 36 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай абласцей і на Харкаўшчыне.

— На Купянскім напрамку праціўнік нанёс авіяўдар у раёне Сінькоўкі Харкаўскай вобласці. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам падвергліся восем населеных пунктаў Харкаўскай вобласці.

— На Ліманскім напрамку расійскія войскі спрабавалі наступаць у раёнах Дзібровы і Белагораўкі Луганскай вобласці і Серабранкі ў Данецкай вобласці. Нанеслі авіяўдары ў раёнах трох населеных пунктаў, з артылерыі абстралялі дзевяць.

— На Бахмуцкім напрамку расійскія войскі вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёнах Арэхава-Васільеўкі, Іванаўскага і Белай Гары. Нанеслі авіяўдары каля трох населеных пунктаў Данецкай вобласці, абстралялі 11 населеных пунктаў Данецкай вобласці.

— На Аўдзееўскім напрамку праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Аўдзееўкі, Паўночнага і Першамайскага Данецкай вобласці. Нанёс па іх авіяўдары, з артылерыі абстраляў 11 населеных пунктаў.

— На Мар'інскім напрамку расійскія войскі праводзілі наступальныя дзеянні ў раёне Мар'інкі, Перамогі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці, але поспеху не мелі. Нанеслі авіяўдар ля Краснагораўкі. Пад артабстрэл трапілі сем населеных пунктаў Данецкай вобласці.

— На Шахцёрскім напрамку наступальныя дзеянні армія РФ вяла ў раёнах Новаміхайлаўкі і Вуглядара. Нанесла авіяўдары каля Новаміхайлаўкі і Залатой Нівы. Абстраляла 10 населеных пунктаў Данецкай вобласці.

— На Запарожскім і Херсонскім напрамках праціўнік працягвае весці абарончыя дзеянні. Спрабаваў наступаць, але беспаспяхова, у кірунку Пяціхатак Запарожскай вобласці. Нанёс авіяцыйныя ўдары ў раёнах пяці населеных пунктаў Запарожскай вобласці. З артылерыі абстраляў 38 населеных пунктаў Данецкай, Запарожскай, Херсонскай абласцей і Ачакаў Мікалаеўскай вобласці.

— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла 12 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і шэсць — па зенітна-ракетных комплексах расійскіх сіл.

— Знішчаныя расійскі ўдарны верталёт Мі-24 і сем разведвальных БПЛА.

— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі за суткі пабілі тры пункты кіравання, зенітна-ракетны комплекс, два раёны канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі, 13 артылерыйскіх сродкаў на агнявых пазіцыях, дзве станцыі РЭБ і склад боепрыпасаў арміі РФ.

Мінабароны Расіі: Знішчылі пяць украінскіх ДРГ

У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што ўначы ПКС Расіі нанеслі «групавы ўдар высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці па складзе дастаўленага ва Украіну ўзбраення і ваеннай тэхнікі замежнай вытворчасці».

— На Паўднёва-Данецкім напрамку ў раёне Урэмеўскага выступу адбітыя дзве атакі падраздзяленняў 37-й брыгады марской пяхоты УСУ ў раёнах населеных пунктаў Новаданецкае і Макараўка. Каля населеных пунктаў Няскучнае, Навасёлкі і Навадараўка авіяцыяй нанесеныя ўдары па раёнах канцэнтрацыі жывой сілы і тэхнікі падраздзяленняў 31-й механізаванай брыгады, 110-й і 128-й брыгад тэрытарыяльнай абароны.

Знішчаныя баявая машына пяхоты, а таксама тры баявыя браніраваныя машыны.

— На Запарожскім напрамку ўдарамі авіяцыі і агнём артылерыі групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Новаданілаўка, Праабражэнка, Шчарбакі і Лабковае.

Агульныя страты УСУ на гэтых напрамках за суткі склалі звыш 110 вайскоўцаў, два танкі, чатыры баявыя машыны пяхоты, восем баявых браніраваных машын, два аўтамабілі, а таксама дзве гаўбіцы Д-20.

— На Данецкім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі і дзеяннямі Паўднёвай групоўкі войскаў адбітыя чатыры атакі УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вясёлае, Паўночнае і Першамайскае Данецкай вобласці. Падчас баявых дзеянняў знішчаныя больш за 185 украінскіх вайскоўцаў, баявая машына пяхоты, дзве баявыя браніраваныя машыны і тры аўтамабілі. Акрамя таго, у раёнах населеных пунктаў Северск і Аўдзееўка Данецкай вобласці знішчаныя два склады боепрыпасаў падраздзяленняў УСУ.

— На Чырвона-Ліманскім напрамку падраздзяленні групоўкі войскаў «Цэнтр» адбілі пяць атак праціўніка ў раёне населенага пункта Кузьміно і ў Серабранскім лясніцтве. Ударамі авіяцыі нанесенае паражэнне падраздзяленням 21-й і 67-й механізаваных брыгад УСУ ў раёнах населеных пунктаў Тэрны і Серабранка. Акрамя таго, у раёнах населеных пунктаў Ямпалоўка, Чырвоная Дзіброва і ў Серабранскім лясніцтве спыненая дзейнасць трох украінскіх дыверсійна-разведвальных груп.

За суткі на гэтым напрамку знішчаныя звыш 135 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя машыны пяхоты, дзве баявыя браніраваныя машыны, тры пікапы, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Акацыя», а таксама гаўбіца Д-30.

— На Купянскім напрамку аператыўна-тактычнай і армейскай авіяцыяй, артылерыяй Заходняй групоўкі войскаў пабітыя жывая сіла і тэхніка УСУ ў раёнах населеных пунктаў Навамлынск, Петрапаўлаўка, Катляроўка і Стальмахоўка. У раёнах населеных пунктаў Сінькоўка і Навасёлаўскае знішчаныя дзве ўкраінскія дыверсійна-разведвальныя групы.

Агульныя страты УСУ за суткі склалі да 30 вайскоўцаў, бронетранспарцёр, два аўтамабілі, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка М109.

— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння за суткі знішчаныя да 45 украінскіх вайскоўцаў, два аўтамабілі, а таксама гаўбіца Д-30.

Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 105 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 124 раёнах. У раёне населенага пункта Вясёлае пабіты камандна-назіральны пункт падраздзялення 10-й горна-штурмавой брыгады УСУ. Перахопленыя пяць крылатых ракет Storm Shadow і два рэактыўныя снарады сістэмы залпавага агню HIMARS. Знішчаныя 15 украінскіх беспілотных лётных апаратаў.

Інстытут па вывучэнні вайны: Цяперашнія ўкраінскія аперацыі могуць мець не толькі тэрытарыяльныя мэты

21 чэрвеня ўкраінскія войскі вялі контрнаступальныя дзеянні як мінімум на трох участках фронту, гаворыцца ў свежай справаздачы Інстытута па вывучэнні вайны.

— Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр заявіла 21 чэрвеня, што ўкраінскія войскі дамагліся частковага поспеху падчас наступальных аперацый на Белагораўска-Шыпілаўскім напрамку (каля 10 км на поўдзень ад Крамянной у Луганску).

— Расійскі ваенкар сцвярджаў, што ўкраінскія сілы таксама контратакавалі ў раёнах на поўдзень і захад ад Крамянной.

— Генштаб Украіны паведаміў, што УСУ працягвалі наступальныя аперацыі на захадзе Данецкай і ўсходзе Запарожскай абласцей на лініі Вольнае Поле — Макараўка, а расійскія ваенкары працягвалі абмяркоўваць украінскія атакі ў гэтым раёне, у прыватнасці на поўдзень ад Вялікай Навасёлкі.

— Украінскія і расійскія крыніцы паведамляюць, што ўкраінскія войскі працягваюць наступальныя аперацыі ў заходняй частцы Запарожскай вобласці, як на поўдзень, так і на паўднёвы захад ад Арэхава, і што расійскія войскі праводзяць контратакі, каб вярнуць страчаныя пазіцыі на гэтым кірунку.

Расійскія крыніцы адзначылі адносна нізкія тэмпы ўкраінскіх наступальных аперацый як на захадзе Данецкай, так і на захадзе Запарожскай абласцей у параўнанні з папярэднімі днямі, адзначаюць эксперты. Яны таксама звяртаюць увагу на заяву прэзідэнта Зяленскага пра тое, што прасоўванне ўкраінскіх контрнаступленняў ідзе павольней, чым чакалася, імаверна, праз эфектыўную абарону Расіі.

Паводле ацэнак ISW, прасоўванне ўкраінскіх сіл, імаверна, запавольваюць дактрынальна абгрунтаваная абарона расійскіх сіл у заходняй частцы Запарожскай вобласці і падрыхтаваныя абарончыя пазіцыі на поўдні Украіны. Гэтыя рубяжы, відаць, выбудаваныя такім чынам, каб першы эшалон расійскіх войскаў мог запаволіць наступ украінскіх сіл, у той час як другі эшалон, разгорнуты бліжэй да асноўнай абарончай лініі, можа контратакаваць украінскія сілы, што прарвуцца, а таксама стаць рэзервовымі пазіцыямі для перадавых расійскіх частак, якія будуць адыходзіць.

Малаімаверна, што лакальныя тэрытарыяльныя заваёвы Украіны неадкладна разбураць гэтыя расійскія абарончыя рубяжы, а лакальныя спробы хуткага прарыву з яшчэ меншай імавернасцю аслабяць гэтыя рубяжы, лічаць у Інстытуце. Эксперты адзначаюць, што УСУ могуць быць сканцэнтраваныя на знясіленні расійскіх сіл і ўцягванні іх рэзерваў, а не на неадкладным вызваленні тэрыторыі.

Павольнейшы, чым чакалася, тэмп украінскіх контрнаступальных аперацый не дае падставаў перамяншаць наступальны патэнцыял Украіны, падкрэсліваюць у ISW. УСУ, імаверна, ствараюць умовы для будучых асноўных намаганняў, нават нягледзячы на пэўныя першапачатковыя няўдачы. Украінскія афіцыйныя асобы даўно далі зразумець, што ўкраінскае контрнаступленне будзе серыяй паступовых і паслядоўных наступальных дзеянняў, нагадваюць эксперты.

Важна адзначыць, што цяперашнія ўкраінскія аперацыі могуць мець не толькі тэрытарыяльныя мэты. Украінскія сілы могуць правесці некалькі наступальных аперацый на ўсім тэатры ваенных дзеянняў, каб паступова знясіліць расійскія войскі і стварыць умовы для будучага галоўнага ўдару. Страты непазбежныя з абодвух бакоў, але дбайнае аператыўнае планаванне з украінскага боку, відаць, скіраванае на тое, каб змякчыць і збалансаваць іх з не менш важнай задачай знясілення і дэградацыі расійскіх сіл.

На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:

  • расійскія і ўкраінскія войскі працягвалі весці пазіцыйныя баі на мяжы Купянск — Сватава;

  • украінскія сілы працягнулі контрнаступальныя дзеянні ў раёне Крамянной;
  • расійскія і ўкраінскія сілы працягвалі абмежаваныя наземныя атакі ў раёне Бахмута і на лініі Аўдзееўка — Данецк;

  • украінскія сілы правялі абмежаваныя наземныя атакі ўздоўж адміністрацыйнай мяжы паміж заходняй часткай Данецкай і ўсходняй часткай Запарожскай абласцей;

  • расійскія і ўкраінскія сілы правялі абмежаваныя наземныя атакі на захадзе Запарожскай вобласці;

  • расійскае ваеннае камандаванне фармуе новую Азоўскую ваенна-марскую акругу ў складзе Чарнаморскага флоту Расіі;

  • Дзярждума Расіі прыняла ў трэцім чытанні закон, які павышае гранічны ўзрост для расійскіх кантрактнікаў і афіцэраў, каб, імаверна, затрымаць тых, хто цяпер мусіць ісці ў адстаўку;
  • расійскія акупацыйныя ўлады працягваюць дэпартаваць дзяцей з акупаванай Луганскай вобласці ў Расію на падставе медыцынскай неабходнасці.